СЫЧУА́НЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА, Чырвоны басейн,

міжгорная ўпадзіна ў Кітаі, у бас. сярэдняга цячэння р. Янцзы. Пл. каля 200 тыс. км². Выш. 400—500 м (на ўскраінах да 1000 м). Абмежавана на З Сіна-Тыбецкімі гарамі, на Пн і ПнУ хр. Цыньлін і Дабашань, на Пд нагор’ем Гуйчжоў. Прымеркавана да сінеклізы Кіт.-Карэйскай платформы. Запоўнена магутнай тоўшчай (да 4000 м) чырванаколерных пясчанікаў і сланцаў юрскага і мелавога ўзросту і інш. асадкавымі пародамі. Утварае прыступкавы амфітэатр, звернуты на Пд. Паверхня ўзгорыстая, перасечана р. Янцзы і яе прытокамі. Клімат субтрапічны вільготны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 29 °C. Ападкаў 800—1750 мм за год. Вегетац. перыяд круглы год. Глебы — жаўтазёмы, чырваназёмы. Лістападныя і вечназялёныя лясы (большасць высечана), вышэй за 600 м вільготныя лясы (вечназялёны дуб, вастраліст, лаўр, кунінгамія, кіпарыс, хвоя і інш.). Важны с.-г. раён (вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, чай, тытунь, цытрусавыя і інш. культуры). Класічная правінцыя тэрасавай гаспадаркі. Радовішчы нафты, газу, кам. солі, кам. вугалю, жал. і поліметал. руд. Буйныя гарады Чунцын і Чэнду.

т. 15, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)